21 верасня на ўсёй нашай планеце адзначаецца Дзень Міру. Сённяшнія рэаліі паказваюць, што тэма міру на нашай планеце актуальная і неабходная. Мір цяжка ўстанавіць паміж краінамі, якія ваююць, яшчэ цяжэй яго зберагчы. З 2002 года Міжнародны Дзень Міру адзначаецца 21 верасня як дзень спынення агню і адказу ад насілля.
У нашай установе адукацыі шосты школьны дзень прайшоў пад дэвізам: “Нам належыць будучыня свету, - і таму для нас патрэбен мір!” Цэлы дзень у фае школы працавала тэматычная паліца “Міжнародны Дзень Міру”. Вучні 2-4 класаў прынялі актыўны ўдзел у конкурсе малюнкаў “Мы за мір вакол нас”. Многія малюнкі нашых выхаванцаў былі прысвечаны 80-годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мары пра мір на зямлі аб’ядноўваюць усіх дзяцей свету, таму на малюнках пераважалі галубы і зямны шар.
З вучнямі 5-9 класаў быў праведзены кіналекторый “Быць беларусам”, пасля прагляду якога адбылося абмеркаванне. Пытанні ўзнімаліся розныя. Але напрыканцы мерапрыемства школьнікі прыйшлі да высновы: быць беларусам – гэта значыць не проста пражываць на пэўнай тэрыторыі, але і захоўваць культуру, традыцыі народа, рабіць усё, каб наша краіна заставалася міралюбівай і незалежнай.
Карысна і цікава ў гэты шосты школьны дзень прайшлі заняткі па інтарэсах “Настольны тэніс” і “Дом лялькі”.

