5 красавіка ДУА "Лаўрынавіцкая базавая школа Баранавіцкага раёна" прымала сваіх выхаванцаў на мерапрыемствы шостага школьнага дня. Вучні прыйшлі ва ўстанову адукацыі на аб’яднанні па інтарэсах, на цікавыя мерапрыемствы. Кожны прысутны атрымаў задавальненне ад шостага школьнага дня, кожны ўзяў для сябе нешта карыснае і цікавае.
Вучні пачатковых класаў наведалі завочную экскурсію “Славутыя месцы Баранавіцкага раёна”, у ходзе якой пазнаёміліся з самымі вядомымі месцамі нашай роднай Баранавіччыны. Любоў да Радзімы пачынаецца з месца, дзе ты нарадзіўся, жывеш, і таму трэба ведаць свае карані, сваю мясцовасць, людзей, якія тут жывуць і працуюць. Адбылося знаёмства пачаткоўцаў з помнікамі культуры і архітэктуры, з літаратурнымі мясцінамі нашай малой радзімы, з найбольш значнымі помнікамі загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Гульня-віктарына “Я ведаю ўсё пра Беларусь” была праведзена з вучнямі сярэдняга і старэйшага звяна. Усе мы ведаем беларускую прыказку “Дарагая тая хатка, дзе нарадзіла мяне матка”. Для кожнага родная зямля асацыіруецца з маці, якая нарадзіла, домам, куды заўсёды можна вярнуцца, сцяжынкай у школу, дзе атрымаў першыя веды. Малая радзіма, несумненна, адыгрывае вялікую ролю ў жыцці чалавека. Але мы ўсе і дзеці Беларусі. Як сказаў Ніл Гілевіч:
Мы – тройчы дзеці ў вечным крузе:
Мы – дзеці роднае сям’і,
І - дзеці Маці-Беларусі,
І – дзеці Матухны-Зямлі.
А ведаць свой край, помніць сваіх продкаў, шанаваць сваю прыроду – гэта ўжо гонар і годнасць кожнага беларуса. Мерапрыемства прайшло ў форме каманднай гульні, дзе найбольш цаніліся хуткасць і правільнасць адказаў, уменне працаваць разам.
Як і кожную школьную суботу, праводзілася фізкультурна-аздараўленчая работа , працавалі гурткі “Дом лялькі” і “Настольны тэніс”.
Шосты школьны дзень скончыўся, а станоўчыя эмоцыі, зарад бадзёрасці, радасці і задавальнення будзе з вучнямі і настаўнікамі на працягу вучэбнага тыдня.
