Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Рамёствы

ЭКАЛАГІЧНЫ  ФОРУМ г. БРЭСТ

        

Беларусь – адна з нямногіх краін свету, дзе саломапляценне атрымала інтэнсіўнае сучаснае развіццё.  У большасці краін Заходняй Еўропы, Амерыкі, Азіі пляценне з саломкі перайшло ў разрад хобі. Аматары і энтузіясты гэтага мастацтва ва ўсім свеце займаюцца захаваннем яго традыцый. Члены нацыянальных арганізацый саломапляцення збіраюцца на міжнародныя сустрэчы і фестывалі, праводзяць майстар – класы, на якіх вывучаюць асаблівасці нацыянальных школ саломапляцення. У 2001 годзе майстры з Англіі, Амерыкі, Аўстраліі і Венгрыі наведалі Беларусь. Узровень работ беларускіх майстроў і мастакоў, якія працуюць з саломкай, быў ацэнены імі як эталон сучаснага майстэрства саломапляцення, што захаваў і развівае яркую нацыянальную індывідуальнасць.   

     Сучаснае саломапляценне захоўвае ў сабе вопыт, накоплены папярэднімі пакаленнямі, але саломка яшчэ не раскрыла сваіх чароўных сакрэтаў чалавеку, і гэта давядзецца зрабіць сучасным і будучым майстрам.

  Беларускае майстэрства саломапляцення, дзякуючы працам мастакоў, народных  умельцаў, мастацтваведаў, дастойна ўваходзіць у скарбонку дасягненняў сусветнай мастацкай культуры. Развіццё яго не спыняецца сёння, яно заваёўвае новых аматараў, заклікае да таленавітых настаўнікаў здольных вучняў.

      Цудоўнай прыгажосці птушкі, грывастыя коні, ганарыстыя прыгажуні- лялькі і цэлыя кампазіцыі з народнага жыцця – усё гэта створана са звычайнай саломы.

      Беларуская саломка ўпрыгожвае экспазіцыі выстаў і музеяў, экспартуецца ў многія краіны свету. Мастацкія вырабы з саломкі сталі сімвалам абноўленых  промыслаў, якія пастаянна развіваюцца ў  Беларусі.

     Папулярнасцю сярод пакупнікоў карыстаюцца вырабы Жлобінскай, Брэсцкай і Хойніцкай фабрык мастацкіх вырабаў:  драўляныя хлебніцы, наборы для спецый і сыпучых прадуктаў,  інкрусціраваныя саломкай. Гэтыя рэчы зручныя ў карыстанні, удала ўпісваюцца ў інтэр’ер сучаснай кухні, надаюць яму цеплыню  і прыгажосць. Вырабы ручной працы нясуць у сабе часцінку  летняга сонейка, пад якім спее наша беларуская саломка і дорыць усім людзям добры настрой. 

         На Беларусі пляценнем з саломкі займаліся здаўна. За плячыма гэтага рамяства тысяча гадоў. Вядзе яно сваю гісторыю ад старадаўніх звычаяў, якія звязаны з культамі хлеба і саломы. Нашы продкі верылі ў божую сілу саломы і збожжа, у якіх  захоўвалася  жывая сіла прыроды, і шчодра аддавала яе не толькі каласам новага ўраджаю, але і ўсяму, што суадносіцца з імі. Таму вельмі сімвалічным лічыўся апошні сноп, прыбраны з поля, які захоўваўся ў хаце да новага ўраджаю.З саломай сяляне звязвалі сваё будучае жыццё, даруючы ёй ролю прадказальніцы пад час калядных гаданняў. Зярном асыпалі маладых ў час вяселля, а маладую саджалі на салому, каб сіла раслін перадавалася маладой сям’і і іх будучым дзецям.

     Вельмі многа звычаяў і абрадаў звязана з саломай і хлебам. Яны прыйшлі да нас з далёкага часу і працягваюць жыць побач з намі ў выглядзе твораў майстроў. Саламяныя “павукі”, коні, птушкі, лялькі – гэта не проста вобразы, кожны з іх звязаны з чалавекам, які стварыў яго, сутыкнуўся з ім, перажыў свае нягоды і радасці. На працягу ўсёй гісторыі свайго суіснавання чалавек не мог абысціся без надзеі на дапамогу і падтрымку не зусім зразумелых ім да канца  сіл прыроды.  Ён надзяляў іх вобразамі, якія суправаджалі яго ўсё жыццё. Магічныя фігуркі дарылі маладым на вяселлі, адзін аднаму на розныя святы.

   Старадаўнія звычаі вырабаў з саломкі рытуальных жывёл, лялек прыйшлі і ў нашае жыццё, сталі тэмай для творчасці многіх сучасных майстроў і мастакоў. Сучасныя людзі шмат у чым страцілі веру ў набожнасць ствараемых вобразаў, але здзіўляе сіла і магутнасць народных традыцый, якія пераступілі праз стагоддзі і працягваюць сваё існаванне.

         Лёс беларускага саломапляцення складваўся не так проста. Ён меў свой перыяд росквіту і заняпаду. Беларускае саломапляценне можа ганарыцца перыядамі свайго найвышэйшага ўзлёту ў канцы 18- пачатку 19 стагоддзяў. У гэты час былі створаны  ўнікальныя ў гісторыі мастацтва саламяныя Царскія вароты. Да нашых дзён захавалася трое Царскіх варот, двое з іх захоўваюцца ў Музеі беларускага народнага мастацтва вёскі Раўбічы пад Мінскам, адны - у Гродзенскім гісторыка- археалагічным музеі. Мяркуецца, што саламянае афармленне мелі цэлыя іконастасы ва ўніяцкіх царквах.

     Спад у саломапляценні пачаўся з сярэдзіны дзевятнаццатага стагоддзя. Саламяныя выявы жывёл і птушак страцілі сваю абрадавую значымасць і паступова перайшлі ў ранг дзіцячых цацак і забаў, час на выраб якіх не заўсёды знаходзіўся ў нялёгкім паўсядзённым сялянскім жыцці. Саламяныя бытавыя вырабы для захавання прадуктаў харчавання, збожжа, якія былі неабходнымі ў сялянскім жыцці на працягу многіх вякоў, хаця і павольна, але сталі выцясняцца сучаснымі вырабамі. Па якасці яны маглі супернічаць з любымі з іх. Ёмкасці, выкананыя ў тэхніцы спіральнага пляцення, мелі самыя разнастайныя памеры і формы і знаходзілі шырокае прымяненне ў гаспадарцы. Самыя вялікія маглі змяшчаць у сабе дзясяткі кілаграмаў зярна. Яны былі гіграскапічныя, іх нават не маглі пагрызці мышы. Гэтыя каштоўныя якасці саламянага посуда зрабілі іх жыццё ў сялянскім асяроддзі больш працяглым, чым пластыка. І нават ў 1940-1950–я гады некаторыя сяляне плялі такія вырабы для сябе.

      Новы этап развіцця ў гісторыі беларускага саломапляцення пачаўся ў 1960-ыя гады. З гэтага часу яно стала інтэнсіўна папаўняцца новымі прыёмамі пляценняў. Асабліва ярка і вобразна развіваўся мастацкі накірунак саламяных вырабаў. У сучасным саломапляценні з’явіліся імёны майстроў. І гэта адрознівае яго ад саломапляцення мінулага – безыменнага, якое не пакінула для гісторыі прозвішча ні аднаго майстра.

     Родапачынальніцай сучаснага саломапляцення  на Брэсцкай зямлі стала Вера Ільінічна Гаўрылюк (1904 – 1986). Яна змагла адрадзіць даўнія прыёмы вырабу саламяных фігурак, якія яшчэ захоўваліся ў памяці вясковых жыхароў. Накапіўшы вялікі скарб народнага промыслу, Вера Ільінічна змагла перадаць яго будучым пакаленням, бо гэта  гісторыя і спадчына нашага народа. Акрамя гэтага, яна стала заснавальніцай мастацкага промыслу на Брэсцкай фабрыцы мастацкіх вырабаў. Яе пераемніцай стала майстар з Магілёва Кацярына Арцяменка.

    Такія, здавалася б, неспалучальныя якасці саломкі: яе непадатлівасць і супраціўляльнасць любому насіллю сцяблінак і неймаверная пластыка пляцёнак і саламяных стужак - адчынілі перад майстрамі вялікія творчыя прасторы. Фігуркі, зробленыя імі, не проста цацкі -  гэта сімвалы боскасці, абаронцылюдзей. Конь – герой многіх павер’яў і казак – заўсёды суправаджаў мужчыну і быў яму сябрам, дарадцам і абаронцам; каза – сімвал ураджаю і ўрадлівасці; лялька –  прадаўжальніца роду, заступніца жанчын; птушкі – душы продкаў, якія ахоўваюць і дапамагаюць усім жывым на зямлі. Ствараючы гэтыя фігуркі, народныя майстры з’яўляюцца дызайнерамі, канструктарамі, тэхнолагамі, выканаўцамі і спажыўцамі гэтага мастацтва.

       Да ліку такіх творцаў адносіцца наша зямлячка Страмавус Святлана Леанідаўна, жанчына з адкрытай душой і чулым сэрцам. Яна па-сапраўднаму, а не на словах любіць свой край, сваю зямлю і людзей. Гэта майстар сваёй справы.

  Святлана Леанідаўна з'яўляецца загадчыкам Дома Рамёсел у саўгасе Адахаўшчына. 

      Ужо многа гадоў яна ўкладвае душу ў  справу саломапляцення і хоча навучыць дзяцей гэтаму рамяству. На гэта трэба вельмі шмат цярпення, жадання, натхнення і вялікай любові да дзяцей і творчасці. Ствараючы работы з саломкі, выхаванцы Святланы Леанідаўны  вучацца бачыць прыгажосць, зробленую сваімі рукамі. Працуючы з саломкай, яны дакранаюцца да прыроды, адчуваюць яе  і  развіваюць сваю фантазію, творчае ўяўленне.

  Саломка сама па сабе – вельмі прыгожы і цікавы матэрыял для работы, а яе колер нагадвае колер сонечных промняў. Работы, выкананыя на занятках, прасякнуты нацыянальным каларытам і прыгажосцю нашага роднага краю, шчырасцю і замілаваннем. Мастацкія вырабы з саломкі блізкія і ўсім зразумелыя, бо яны выхоўваюць любоў да роднай бацькаўшчыны.

       А пачыналася ўсё так.  Займацца народным промыслам Святлана Леанідаўна пачала з 2003 года, калі была накіравана на працу ў вёску Адахаўшчына Ляхавіцкага раёна дырэктарам СДК. Адразу творча, з энтузіязмам узялася асвойваць тэхніку старадаўняга беларускага рамяства. Пачала  з  саломкі і ...  аказалася,што гэта якраз тое, да чаго найбольш ляжыць душа. Вучылася сама і вучыла дзяцей, якія спачатку прыходзілі проста з цікавасці. Потым гэта перарасло ў справу жыцця, якая прыносіла вялікую радасць і задавальненне. Зараз у СДК  сапраўдны музей, асабістая выстава работ Святланы Леанідаўны. Быццам трапляеш у казку, якая вядзе цябе ў  чароўную краіну. Там красуюцца саламяныя кветкі, побач стаяць прыгожыя лялькі, заліваюцца пералівамі званочкі і ўверсе перамяшчаюцца саламяныя павучкі, якія па старадаўнім беларускім  павер’і валодаюць магічнымі ўласцівасцямі і прыносяць ў хату шчасце. Колькі ўсяго спляла Святлана Леанідаўна, колькі зpасходавала часу і саломы на гэтую прагажосць, падлічыць цяжка.

      Жытнёвая салома, зжатая ў час, калі каласіцца колас, мае ў такой справе асаблівую каштоўнасць. А ў Святланы Леанідаўны свае сакрэты нарыхтоўкі. “Салому трэба зрэзваць малочнай спеласці за тыдні два да пачатку жніва”, - дзеліцца сакрэтамі жанчына.

      Для пляцення падыдзе толькі салома, якую трэба нарыхтоўваць уручную, прычым рыхтаваць яе трэба ў розныя тэрміны – тады яна будзе розных адценняў: ад зялёнага да ярка- жоўтага. Жыта зжынаюць ля самай зямлі і адразу ж звязваюць ў снапы.

      Калі нарыхтаваная салома зялёная, яе неабходна прасушыць ў закрытым памяшканні, якое праветрываецца. Калі ж такую салому прасушыць на сонцы, то яна набывае залацісты колер. Пасля прасушкі салому неабходна прачысціць. Спачатку выкідаюць вузлы. Разрэзаныя і ачышчаныя саломіны сарціруюць па даўжыні і таўшчыні, звязваюць ў пучкі. Частку саломы пакідаюць неразрэзанай. Яна будзе патрэбна для спіральнага пляцення.

       Перад пачаткам работы саломінкі даўжынёй 10-30 сантыметраў заліваюць варам і трымаюць у ім некаторы час, каб яны сталі мяккімі і эластычнымі. Не трэба замачваць колькасць матэрыялу, які перавышае дзённую норму выпрацоўкі. Калі пасля заканчэння працы засталася салома, то яе неабходна прасушыць. Замочаную салому закручваюць  ў вільготную тканіну.

    Каб салома набыла серабрыстае адценне ці больш яркі і чысты колер, а таксама лепш пафарбавалася, яе неабходна адбяліць. Трэба быць вельмі асцярожным з  рознымі растворамі.

    З мэтаю павелічэння колераў саломкі, можна выкарыстоўваць натуральныя фарбавальныя сродкі. Напрыклад, карычневыя і цёмна- карычневыя адценні саломы атрымліваюцца, калі доўга патрымаць яе  пад прасам. Гэта выконваюць  так: на вялікую кіпу газет  раскладваюць саламяныя стужкі, а на іх ставяць гарачы прас. Насычанасць адценняў залежыць ад таго, колькі часу саламяныя стужкі знаходзяцца пад прасам. Можна таксама пракаліць салому ў печы або ў духоўцы, але пры гэтым трэба сачыць, каб салома не загарэлася.

        Калі кіпяціць салому ў растворы  соды, то яна набудзе залацісты колер. Марганцоўка надасць саломе ружовае адценне. Каб атрымалася  салома залаціста- карычневага колеру, яе трэба апусціць у адвар шалупіння цыбулі; адвар з чырвоных буракоў дасць барвовую афарбоўку.  Такія фарбы робяць колер саломкі прыгожым і  светаўстойлівым.

        Пры выкарыстанні фарбаў для тканін салома, афарбаваная імі, мае яркі, насычаны калер, які надае бляск прыроднаму матэрыялу. Ёсць адзін недахоп пры такім фарбаванні: вырабы хутка губляюць свой колер, калі на іх падаюць прамяні сонца.

  Пасля заканчэння фарбавання саломку прамываюць халоднай вадой і прасушваюць.

      Трэба памятаць, што ў снапах салому трымаць нельга. Яна можа стаць прэлай і непрыгоднай да працы. Таму  іх развязваюць і раскладваюць на падлозе або на стэлажах у памяшканні, якое добра праветрываецца.

    Першы спосаб захавання – у пучках. Пасля прасушвання і разборкі саломку звязваюць у невялічкія пучкі і захоўваюць у сухім памяшканні.

       Другі спосаб захавання – у папяровых каробках. Звычайна салому чысцяць пасля прасушкі.  Калі саламяныя палоскі сухія, жоўтага колеру, гэта лепей зрабіць адразу пасля нарыхтоўкі. Каб падрыхтаваць матэрыял да работы, салому рэжуць на адрэзкі паміж вузламі. Нажніцамі адразаюць ніжнюю частку сцябла і адначасова здымаюць лісты. Нарэзаную і ачышчаную салому адразу сарціруюць па даўжыні і таўшчыні і складваюць ў каробкі. Такі спосаб сушкі і захавання саломкі вельмі працаёмкі, але ён і прыдатны для далейшай працы.

    Для таго, каб саломінкі атрымаліся эластычнымі і падатлівымі ў працы, іх неабходна замачыць і распарыць. Пучкі  апускаюць у ёмкасць з вадой. Калі салома нарыхтавана нядаўна, яе дастаткова патрымаць у вадзе пакаёвай тэмпературы. Старую  салому лепш заліць гарачай вадой, закрыць тканінай і наверх палажыць што-небудзь цяжкае. Вытрымаць так, пакуль яна не стане мяккай. Калі пакінуць салому ў  содзе на вялікі прамежак часу, то яна можа пачарнець.

Распарванне можна рабіць двума спосабамі:

-  заліць салому варам, закрыць пасудзіну накрыўкай і пакінуць на ноч;

-  скласці салому ў пасудзіну, заліць халоднай вадой, закрыць накрыўкай і паставіць на маленькі агонь на 1- 2 гадзіны.

  Пасля распарвання сыравіны саломінкі  разразаюць вастрыём нажніц ці ножыкам уздоўж  валокнаў. Потым распраўляюць яе на тканіне і прасуюць з двух бакоў, пакуль не высахне. Прасаваць трэба ўздоўж валокнаў.

    Ёсць яшчэ адзін спосаб падрыхтоўкі. Гэта – механічны. Для гэтага разрэзаную сухую саломку асцярожна раскладваюць на стале і з сілай  некалькі разоў праводзяць цвёрдым, тупым прадметам: лінейкай або кольцамі нажніц.

      Пры наклейванні саломкі выкарыстоўваецца клей “Момент”, гумавы клей або ПВА.

       Першы спосаб: наклейванне пласціны саломкі на тонкую паперу (калька, цыгарэтная папера). Саломінкі павінны падыходзіць адна да адной, каб не прасвечвалася паміж імі папера. Потым прасушваюць пад прасам і з другога боку выразаюць неабходныя дэталі.

      Другі спосаб: наклейванне саломкі на выразаныя дэталі карціны. Абразаюць край саломкі па контуры дэталі і састаўляюць з гатовых дэталей карціну. Наклейваюць на падрыхтаваны фон.

    “Елачкі” – такі спосаб выкарыстоўваецца для вырабу лістоў, пялёсткаў кветак, пёраў птушак. Каб зрабіць дэталь такім шляхам, яе дзеляць на дзве часткі і наклейваюць па дыяганалі, кожную частку асобна.

   “Веер” - самы працаёмкі спосаб рамяшчэння саломкі. Яго выкарыстоўваюць для прыгатавання круглых лістоў і кветак. На гатовыя шаблоны наклейваюць саламяныя пласціны, разрэзаныя па дыяганалі. Потым абразаюць краі дэталі нажніцамі.

   Для працы з саломкай не патрабуецца нейкіх асобых інструментаў. Працаваць лепей за ўсё седзячы за сталом, на якім размешчана салома, папера, неабходныя прылады. Неабходна размясціцца так, каб святло падала з левага боку. У час працы неабходна, каб былі нажніцы, спецыяльны нож, шыла, клей, прас, аловак, фарбы, папера, рамкі, пэндзалі.

       Страмавус С.Л. лічыць, што ў такой рабоце самае галоўнае – уседлівасць і цярпенне. Але калі да іх дабаўляюцца фантазія і акуратнасць, звычайная саломка пачынае ў руках іграць мелодыі і спяваць. Паўтораў у працы не бывае. Кожная рэч - сапраўдны цуд і твор мастацтва.     Любоў да сваёй справы пераўтварае пачуццё стомы ад крапатлівай працы ў душэўную радасць і ўнутранае задавальненне.

  У  Страмавус С. Л. вельмі многа работ, выкананых у форме аплікацый. Для таго, каб работа была выканана па-майстэрску, трэба ведаць тэхніку яе выканання.

  1. Прыдумаць сюжэт аплікацыі. Аплікацыя можа быць дэкаратыўнай

(узор з трубачак рознай даўжыні, кольцаў), прадметнай (выява хаткі, матылька, кветкі і іншыя), сюжэтнай. Можна выкарыстаць гатовыя малюнкі, на якія лёгка выкладваць малюнак з саламяных трубачак.

  1. Падабраць аснову. У якасці асновы неабходна выкарыстоўваць тонкі картон або цвёрдую паперу цёмнага колеру, на якой будзе прыгожа глядзецца залацістая саломка.
  2. Падрыхтаваць саломку. Нарэзаць саламяныя трубачкі неабходнай даўжыні.
  3. Вылажыць адлюстраванне з саламяных трубачак на аснове. Пры неабходнасці праверыць даўжыню некаторых дэталей.
  4. Наклеіць саломінкі на аснову. Зняць з асновы адну саломінку, нанесці на яе клей і прыклеіць на аснову. Так паступова прыклейваюцца ўсе дэталі малюнка.
  5. Аформіць гатовую працу. Пры неабходнасці па краі асновы можна выканаць рамку з саламяных трубачак.

    Страмавус С.Л.  працуе ў шырокім накірунку саломапляцення. Вельмі многа вырабаў выканана ў тэхніцы спіральнага пляцення. Гэта збанкі, званочкі, капелюшы. Выкананне такіх работ для гурткоўцаў яшчэ здаецца складаным, Але яны ўпэўнены, што  ў будучым змогуць  асвоіць і такі від пляцення.                                                              

      З гісторыі саломапляцення вядома, што ў славян існаваў яшчэ адзін арыгінальны від саломапляцення – пластычная творчасць. У гэтай тэхніцы выраблялі зажыначныя саламяныя чучалы саламяных “баб”. Гэта звязвалася і з вясельнымі абрадамі, якія ўвасаблялі і сімвалізавалі будучы дабрабыт і шматдзетнасць сям’і.  Саламяныя лялькі “маладой” і “маладога” выраблялі ў тых дамах, дзе былі маладыя сем’і. Нярэдка такія лялькі ператвараліся ў дзіцячыя цацкі. Таму  на вяселлях маладым дораць сімвалічныя лялькі, якія будуць аберагаць  сям’ю па жыцці.

      Вельмі папулярнымі з’яляюцца дэкаратыўныя прадметы: шкатулкі, хлебніцы,сумкі,пано,упрыгожванні.

          Задумкі і фантазія самі прыходзяць да гэтай жанчыны, бо прафесійная адукацыя таксама творчая – мадэльер-тэхнолаг. Вось і стварае народны ўмелец новыя творы свайго майстэрства па-сапраўднаму прафесійна.

  Якая жанчына можа абысціся без упрыгожванняў?  Яны робяць яе элегантнай і загадкавай. Так у скарбонцы майстрыхі  з’явіліся  пацеркі, прыгожыя галаўныя ўборы, брошкі. Цікавую інтэрпрэтацыю атрымала таксама традыцыя вырабу з саломкі галаўных убораў і біжутэрыі. У дэкаратыўных вянках, каралях, абручах, бранзалетках саломка глядзіцца як сапраўдны каштоўны матэрыял.

     Кожная  жанчына  любіць кветкі. Яны робяць яе прыгожай і загадкавай. Усе кветачкі маюць сваю асаблівасць. Наш майстар умее заўважыць гэтую асаблівасць і перадаць ў сваіх вырабах. Гэта чароўныя лілеі, рамонкі і ружы. А саламяныя сланечнікі цвітуць  заўсёды, не гледзячы на пару года. Яны радуюць кожнага сваім хараством і цудам, бо  зроблены з вялікім прафесійным майстэрствам.

         Сярод вырабаў з саломкі ёсць арыгінальныя ўпрыгожванні аб’ёмна- прасторавага характару. Гэта вырабы падвешваліся на покуці да бэлькі ці пад столлю звычайна да калядных ці велікодных свят. Называлі такія вырабы павукамі. Іх не плялі, а збіралі з саломінак. У вяршыні піраміды – адзін ромб. Другі рад складаюць чатыры ромбы, трэці – восем па краях і адзін у цэнтры. Далей па перыметру прывязваюць дванаццаць ромбаў і чатыры ромбы ў цэнтры канструкцыі. Устойлівасць фігуры забяспечваецца звязваннем усіх вуглоў ромбаў адзін з адным. Такую канструкцыю можна паступова павялічваць да неабходных  памераў, прывязваючы большую колькасць ромбаў. Такая тэхніка выканання “павука” пірамідальнай формы.

      Зараз яны ўпрыгожваюць эксапазіцыі выставак, розных інтэр’ераў. Цэлая галерэя “пірамідальных” і “ромбавых” павукоў “абжыла”выставу Страмавус С.Л.

    Акрамя саломапляцення  Страмавус С.Л. вучыцца працаваць з берастой і лазой. Вольнага часу ў майстрыхі няма. Наперадзе чакае яе вельмі многа працы. А рукі самі робяць цуды. Толькі ўжо не з саломкі, а з берасты.      Няма граніц майстэрства ў гэтай жанчыны. Хочацца гаварыць і гаварыць пра яе ўмельства, так як гавораць у мясцовых газетах “Наш край” і “ Ляхавіцкі веснік”. Яна прадстаўляе свае вырабы на ўсіх раённых і абласных выставах. Пастаянна ўдзельнічае  ў кірмашах народных промыслаў  на “Дажынках”. Пра гэта сведчаць газетныя артыкулы і фотаздымкі.

       Творчасць Страмавус С. Л.  ацэнена мноствам ганаровых грамат Ляхавіцкага райвыканкама, Брэсцкага ўпраўлення культуры  аблвыканкама.

 

 

Раздзелы сайта