🇧🇾 Мы памятаем, мы ўшаноўваем, мы ганарымся!
Сёння, 8 мая, педагагічны і вучнёўскі калектыў ДУА “Лаўрынавіцкая базавая школа Баранавіцкага раёна”, жыхары вёскі Лаўрынавічы сабраліся ля памятнага знака на мітынг, прысвечаны памяці салдат і афіцэраў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, памяці салдацкіх маці і ўдоў, памяці працаўнікоў тылу. Сёлетні год – асаблівы. Ён адзначаны прыгожай лічбай – 80-годдзем з дня Перамогі савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, ужо некалькі гадоў не прыходзяць на мітынг тыя, хто набліжаў Перамогу. Спадзяёмся, што з нябёсаў яны глядзяць на нашчадкаў, якія іх памятаюць, глядзяць з надзеяй, што мы зберажом здабытае імі.
Асабліва кранальна гучалі сёння словы пра людскую памяць. Усе выступоўцы на мітынгу – а гэта Артуганава Наталля Іванаўна, старшыня Крошынскага сельскага савета, Казіцкая Святлана Васільеўна, намеснік дырэктара па ідэалогіі ААТ “Крошын”, айцец Ігар, святар Свята-Ільінскай царквы, Самушчава Ала Аляксандраўна, дырэктар ДУА “Лаўрынавіцкая базавая школа Баранавіцкага раёна” – выказалі галоўную думку мерапрыемства: наш абавязак – ушаноўваць памяць аб загінуўшых, цаніць кожны дзень, пражыты ў свабоднай Беларусі пад мірным небам, з павагай адносіцца да дзяржаўных сімвалаў, якія адлюстроўваюць палітычную самастойнасць і незалежнасць нашай дзяржавы, гісторыю яе станаўлення і развіцця.
У мітынгу актыўны ўдзел прынялі мясцовыя работнікі культуры і вучні школы. Без хвалявання нельга было слухаць цудоўныя мелодыі і вершы, прысвечаныя Дню Перамогі і роднай Беларусі, а таксама словы, адрасаваныя з нагоды свята ўсім прысутным на мітынгу. Хвілінай маўчання была ўшанавана памяць загінуўшых на вайне. Да памятнага знака былі ўскладзены вянкі і кветкі.
Віншуем усіх са святам Вялікай Перамогі! Усім добрым людзям – мірнага неба над галавой і стваральнай працы на карысць дзяржаве!

