Ад усёй душы і шчырага сэрца!
Марафон добрых спраў у нашай рэспубліцы працягваецца. 2023 год даў старт яшчэ адной рэспубліканскай акцыі – “Ад усёй душы!”. Па ініцыятыве А.Р.Лукашэнкі старэйшае пакаленне нашай краіны прымае віншаванні з Новым годам і Калядамі, словы падзякі і падтрымкі ад моладзі, кіраўнікоў мясцовых органаў улады. Акцыя арганізавана Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і Міністэрствам адукацыі сумесна з грамадскімі аб’яднаннямі БРСМ і БРПА.
Наведваць ветэранаў педагагічнай працы, адзінокіх пенсіянераў – шматгадовая традыцыя нашай установы адукацыі. Вучні аказваюць дапамогу пажылым людзям у штодзённых жыццёвых клопатах: расчыстка снегу, ускопванне агарода, прыбіранне тэрыторыі каля дома, паход у магазін. Вельмі часта для людзей, якія сумленна і шчыра працавалі, неабходна добрае слова і веданне таго, што яны і іх жыццёвы вопыт яшчэ патрэбныя. Таму мы часта запрашаем ветэранаў працы на канцэртныя праграмы, святочныя чаяпіцці, круглыя сталы, цікавыя мерапрыемствы. Для вучняў школы такія сустрэчы – неацэнны вопыт узаемадзеяння пакаленняў.
Сёння рэспубліканская акцыя “Ад усёй душы” прыйшла ў госці да ветэранаў і пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны г. Баранавічы. Вучні нашай школы паказалі прысутным абрад “Калядкі”, узнялі настрой людзям, якія сваёй працай, сваімі рукамі будавалі тую Беларусь, у якой мы зараз жывём. У гэты ж дзень настаўнікі і вучні пабывалі з віншаваннямі ў ветэранаў педагагічнай працы вёскі Лаўрынавічы. У іх адрас прагучалі пажаданні здароўя, міру, цяпла, дабрабыту. Здаецца, простыя словы, але вельмі важныя, бо адпавядаюць сённяшняй рэальнасці.
Акцыя “Ад усёй душы” прадоўжыцца да 15 студзеня, але марафон добрых спраў будзе працягвацца цэлы год. Кожны можа далучыцца да яго, кожны можа праявіць клопат і ўвагу да старэйшага пакалення. Давайце разам рабіць дабро, каб не засталося ніводнага чалавека, абдзеленага нашай падтрымкай і дапамогай!
