11 сакавіка ў нашай установе адукацыі прайшоў чарговы Дзень здароўя.Ужо традыцыйна кожная другая субота месяца становіцца суботай выдатнага настрою, спартыўных поспехаў і перамог. Выхаванне пакалення, якое імкнецца да здаровага ладу жыцця, - галоўная задача нашага настаўніка фізічнай культуры і спорту Акапян А.П. Вось і сёння ў школе “Вясновы крос”. Вучні прыйшлі ва ўстанову адукацыі, каб праявіць сваю лоўкасць, хуткасць, настойлівасць, кемлівасць. Даўно вядома: кожная хвіліна заняткаў спортам павялічвае жыццё чалавека на 1 гадзіну, а смех, добры настрой – на 2 гадзіны. Таму і стараліся вучні атрымаць зарад бадзёрасці. Алена Паўлаўна перад пачаткам спаборніцтваў правяла інструктаж па тэхніцы бяспекі і выразіла ўпэўненасць у тым, што сённяшні дзень стане прыступкай сяброўскасці і ўзаемадапамогі.
А з вучнямі пачатковых класаў Ківель Н.А. правяла алімпійскі ўрок “Беларускія імёны ў сусветным спорце”, на якім вучні пазнаёміліся з нашымі славутымі майстрамі спорту. Чырвонай ніткай спартыўных мерапрыемстваў стаў дэвіз: “Здаровы лад жыцця! Карысны ён для ўсіх! Здаровы лад жыцця – мой поспех у жыцці!”
Рыбак У.В., кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, з вучнямі 5-8 класаў правёў конкурс малюнкаў “Мая краіна”. На мерапрыемстве перад навучэнцамі была пастаўлена задача намаляваць усю прыгажосць роднага краю. З гэтай мэтай былі прачытаны вершы пра Беларусь, прагледжаны фатаграфіі з самымі незабыўнымі мясцінамі нашай краіны. Малюнкі атрымаліся прыгожыя і рознапланавыя.
Гэта субота не стала выключэннем для правядзення фізкультурна-аздараўленчай работы , працы гурткоў “Мяккая цацка” і “Настольны тэніс”.