"Здаровым быць - са спортам дружыць", - пад такім дэвізам прайшоў шосты школьны дзень у нашай установе адукацыі. Ён сабраў вучняў на чарговы дзень здароўя, які праводзіцца ў нашай школе кожную другую суботу месяца. Добры восеньскі дзянёк даў магчымасць вучням пачатковых класаў правесці спартыўнае свята “Наперад па краіне здароўя” на свежым паветры. Якіх толькі конкурсаў не выконвалі рабяты! Тут і бег са скакалкай, і прыжкі, і вясёлая эстафета, і выкананне практыкаванняў з мячом! А самае галоўнае, што школьнікам было цікава, што камандная гульня спрыяла выхаванню калектывізму, узаемавыручкі, што дэвіз “Адзін за ўсіх, а ўсе за аднаго” стаў галоўным вынікам мерапрыемства.
Не менш цікава прайшло мерапрыемства для вучняў 5-9 класаў. Спаборніцтвы па настольным тэнісе выявілі лепшых тэнісістаў школы: сярод хлопчыкаў 1 месца заняў Масейчук Марк, 2 месца - Жыхарка Аляксей, 3 месца - Яхнавец Андрэй; сярод дзяўчынак - 1 месца ў Лагвіновіч Маргарыты, 2 месца ў Лагвіновіч Ліліі, 3 месца ў Арцюшэнка Карыны. Віншуем пераможцаў!
Трэнінг “Вучымся страляць” сабраў у першую чаргу хлопчыкаў – будучых абаронцаў краіны. Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні правёў з вучнямі тэарэтычны інструктаж, а потым практычныя заняткі. Кожны прысутны мог зрабіць некалькі выстралаў з вінтоўкі.
Аб’яднанне па інтарэсах “Дом лялькі” сабрала гурткоўцаў на цікавы занятак па вырабу цацак. Дзяўчынкі з дапамогай настаўніка стараліся выканаць работу акуратна, імкнуліся ўкласці кавалачак душы ў тое, што выраблялі.
Шосты школьны дзень скончыўся, наперадзе – вучэбны тыдзень. Няхай ён будзе плённым для вучняў і настаўнікаў.