23 сакавіка – апошні шосты школьны дзень трэцяй чвэрці. Наша ўстанова адукацыі сустракае сваіх выхаванцаў на цікавыя мерапрыемствы. Кожнае з іх – новае адкрыццё, новыя веды, новыя эмоцыі. Школьная субота пачалася, як звычайна, з гадзіны здароўя і спорту. Бо даўно вядома: кожная хвіліна заняткаў спортам павялічвае жыццё чалавека на 1 гадзіну, а смех, добры настрой – на 2 гадзіны. Таму і стараліся вучні атрымаць зарад бадзёрасці на цэлы дзень.
Па плане прайшлі заняткі аб’яднання па інтарэсах “Дом лялькі”. Аб’яднанне парадавала вучняў цікавымі знаходкамі.
А затым нашы выхаванцы раздзяліліся. Вучні 1-4 класаў разам са сваёй настаўніцай Палойка Г.М. правялі гульню-конкурс “Сям’’я. Сямейныя традыцыі”. Мэта гульні – прапаганда важнасці сямейных традыцый для жыцця і развіцця чалавека. Цікава і займальна прайшлі конкурсы “Сямейны партрэт”, “Народная мудрасць гаворыць”, “Вуснамі дзіцяці” і іншыя.
А для вучняў 5-9 класаў прайшоў карысны занятак з элементамі трэнінгу “Дзеці і бацькі: два полюсы”. Прыемна, што ўдзел у ім прынялі і бацькі нашых навучэнцаў. Галоўная мэта занятку – спрыянне паляпшэнню дзіцяча-бацькоўскіх адносін, фарміраванне навыкаў эфектыўнага ўзаемадзеяння. Школьнікам і бацькам былі прапанаваны практыкаванні “Падары ўсмешку”, “Пісьмо пра шчасце”, “Разгадай, хто гэта” і іншыя. Кожнае практыкаванне дапамагала лепш пазнаць бацькам сваіх дзяцей, а вучням выказаць свае патрабаванні да бацькоў.
Наперадзе – вясновыя канікулы! Няхай прынясуць яны радасць і задавальненне вучням, а настаўнікам жадаем крыху адпачыць ад урокаў, сшыткаў і набрацца сіл для наступнай чвэрці.
